Між Старым Аэрадромам і Мельнікавым Лугам: гісторыя і эстэтыка ўнутрыгарадскіх ускраін

Редактор

“Я ў Гомелі. Куды схадзіць?” – звычайная сітуацыя, калі нехта хоча паглядзець наш горад і яго цікавосткі. Першая (і прадказальная) рэакцыя гамяльчан скіраваць гасцей у парк, на набярэжную Сожа, цэнтральныя вуліцы горада. Між тым, адметных мясцін у Гомелі дастаткова і па-за межамі гістарычнага гарадскога ядра. Мне хацелася б звярнуць увагу ўсіх цікаўных на мясцовасць, дзе сутыкаюцца перыферыі дзвюх частак сучаснага горада – ускраіны Старога Аэрадрома і Мельнікава Лугу. Па гэтых ускраінах, што можна назваць акалодкамі, загуголлямі ці якім крапчэйшым слоўцам, мы прайшліся з аматарамі гомельскага краязнаўства 22 красавіка 2017 г. у рамках “Фэсту экскурсаводаў”.

Свае цяперашнія назвы гэтыя мясціны атрымалі адносна нядаўна, а як яны называліся раней, пісьмовыя крыніцы маўчаць. Для аднаўлення фрагментаў іх гісторыі мы вымушаны карыстацца арыенцірамі, вядомымі з пісьмовых дакументаў XVI – ХХ ст. і картаграфічных крыніц канца XVIII – ХХ ст. Яны нам дапамагаюць прыпадняць заслону невядомасці. Уласная памяць і расказы іншых людзей (баюся тут ужыць слова “старажылы”) надаюць нядаўняй гісторыі гэтых мясцін адмысловы каларыт.

Лакацыя №1. Юбілейны сквер

Асаблівасці ландшафту Старога Аэрадрома і Мельнікава Лугу сфармаваліся пасля сыходу апошняга ледавіка (8 тыс. год да н.э.). З-пад ледзянога панцыру вызваліліся рэкі, утварыліся азёры, апошніх на захад адсюль, відаць, было вельмі шмат і з цягам часу яны забалоціліся – ператварыліся ў масіўнае балота, вядомае па пісьмовых звестках XVI ст. як “Кобылее болото”. Ушчыльную яно да Старога Аэрадрому не прылягала, але ўтварала на заходнім “дальнім кардоне” натуральную граніцу. На ўсходзе ж натуральнай граніцай быў перапад рэльефу, якім пачыналіся заліўныя лугі (паплавы).

Контуры, блізкія да сучасных граніц Старога Аэрадрому намеціліся са з’яўленнем дарогі (участак сучаснай вуліцы Савецкай), якая ў дакументах розных час называлася Чачэрскай, Касцюкоўскім шляхам, паштовай дарогай у Магілёў.

Тэрыторыю Старога Аэрадрома, відаць, са старажытнасці пакрываў лес, у якім з пераходам да вытворчай гаспадаркі маглі ўтварацца ляды – высечаныя і выпаленыя ўчасткі для заняцця земляробствам. Прынамсі, пасяленне жалезнага веку, пра якое яшчэ пагаворым, тут існавала. Наяўнасць на тутэйшых абшарах лесу (дубровы) фіксуецца ў дакументах XVI ст. Яго поўнае знішчэнне адбылося, хутчэй за ўсё, у XVIII – пачатку ХІХ ст., бо ў указаннях месцаў, прыдатных для знаходжання ваенных лагераў і правядзення манеўраў, у 1848 г. лес тут ужо не згадваецца.

У XVI ст. на ўзмежжы Старога Аэрадрома і Мельнікава Лугу сыходзіліся ўладанні вёскі Ваўковічы (сёння – Урыцкае) і “села поповского” Плёса (сёння – Плёсы). У ХІХ ст. да Старога Аэрадрома прылягалі фальваркі – Новікаўскі (з захаду) і Багуслаўскі (з паўночнага зсходу). Сама ж мясцовасць, відаць, была аддадзена пад патрэбы ваенных. На “Карте окрестностей Гомеля” 1838 г. тут пазначаны лагер 5-й артылерыйскай дывізіі і лазарэт. “Военно-статистическое обозрение Российской империи” 1848 г. апісвае гэтыя мясціны ў ліку лагерных “сборных мест для войск” “при м. Гомель”: “… пехотную дивизию с ея артиллериею можно расположить на пространстве нагорного берега, в 1 вер. от м. Гомеля, по направлению к д. Прудку, фронтом к почтовой дороге в Могилев… В тылу лагеря находится крутая гора, которой покатость склоняется к луговой долине”. Ёсць згадкі і пра кватараванне войскаў каля блізкай вёскі Прудок у 70-х гг. ХІХ ст.

Уласна аэрадром стаў фарміравацца недзе не пазней за першую палову 1920-х гг. Тады існавала гомельскае аддзяленне Таварыства сяброў паветранага флоту (руская абрэвіятура – ОДВФ). 30 ліпеня 1923 г. газета “Полесская правда” паведамляла: “На аэродром ежедневно являются желающие подняться на самолетах. Стоимость билета для членов ОДВФ – 300 рублей, для остальных – 400. Однако находятся охотники платить больше. Один местный гражданин, весьма заинтересованный полетами, ежедневно является на аэродром, вместо 400 рублей платит 800 за полет и просит подняться повыше и держаться в воздухе подольше. Вчера его подняли на 3000 метров. Выигрышные билеты на право полета разыгрываются в большом количестве, особенно среди рабочего населения”.

Лётчыкі ў садзе. Гомель, 1922 г. З калецыі Паўла Перагонава
Лётчыкі ў садзе. Гомель, 1922 г. З калецыі Паўла Перагонава

Па стане на 1928 г. пад Гомелем размяшчалася адна з чатырох у СССР штурмавых частак ваенна-паветраных сілаў. З гэтай нагоды Гомель называюць калыскай штурмавой авіяцыі. Успаміны сведкі (М.Галай): “Не располагая специально штурмовыми самолётами, она делала первостепенно важное для будущей, по настоящему штурмовой авиации дело: отрабатывала тактику боевых действий этого рода воздушных сил. Основой этой тактики были так называемые бреющие полёты – у самой земли. До сих пор помню, как на аэродроме услышал нарастающий с каждой секундой гул и вдруг увидел вырвавшуюся из-за леса тучу: плотный, крылом к крылу, строй несущихся над самой землёй нескольких десятков самолётов. Это шла Гомельская авиабригада!..”

Гомельскі аэрадром паводле нямецкіх аэрафотаздымкаў кастрычніка 1943 г.
Гомельскі аэрадром паводле нямецкіх аэрафотаздымкаў кастрычніка 1943 г.

На нямецкіх аэрафотаздымках 1941 г. зафіксавана вялізнае поле прыблізна між сучаснымі вуліцамі Савецкай і Юбілейнай (да 600 м.), Малайчука і Кожара (да 1000 м.). Будынкі на поўнач і паўночны ўсход – ангары і іншыя пабудовы. На здымках кастрычніка 1943 г. бачна, што цягам некалькіх дзён гэтыя будынкі былі разбураны, на полі надпіс “Rollfeld durch Pflügen zerstört” – “Лётнае поле разбурана ворывам”. На здымку з амерыканскага спадарожніка-шпіёна сярэдзіны 1960-х гг. бачым, што самалёты канцэнтруюцца ў паўднёва-заходнім участку поля (вугал Савецкай і будучай вуліцы Кожара). Прастору ж немалой часткі цяперашняй Юбілейнай, як выглядае, займалі агароды.

Прыпынак “Аэрапорт” каля АРЗ. Сярэдзіна 1960-х гг. Каларызаваны здымак
Прыпынак “Аэрапорт” каля АРЗ. Сярэдзіна 1960-х гг. Каларызаваны здымак

У 1968 г. аэрадром быў скасаваны ў сувязі з адкрыццём новага аэрапорта. На месцы старога аэрадрома пачынае складвацца жылы масіў з асноўнымі вуліцамі – Малайчука (да 1967 г. – Безыменны праезд), Цімафеенкі (1960-я гг.), 50 год БССР (1969 г.), Кожара (да 1968 г. – вул. Новая), Юбілейная. Вуліца Юбілейная фармуецца ў 1970 гг., інтэнсіўнае будаўніцтва тут вялося да 1986 г. Пераважаюць 5-павярховыя жылыя дамы (“хрушчоўкі”), але ёсць будынкі рознага функцыянальнага прызначэння ў 2, 4, 9, 12 і 14 паверхаў.

Авіяпошта. Гомель, 1960-я гг.
Авіяпошта. Гомель, 1960-я гг.

Адным з важных аб’ектаў вуліцы Юбілейная з’яўляецца аднайменны кінатэатр (1979 г.). Ён збудаваны па тыпавым праекце з перапрацоўкай фасадаў і інтэр’ераў (архітэктар – В.Ціхава). Варыяцыі будынка можна знайсці ў розных кутках былога СССР (Валгаград, Караганда, Цюмень, Грозны) нават пад такой жа назвай. Фасад мог істотна адрознівацца, але тыповасць праекта выдае бакавая лесвіца. Пры аздабленні будынка выкарыстана дэкаратыўная тынкоўка пад граніт, чырвоная керамічная і гіпсавая пліткі. У кінатэатры былі дзве залы – чырвоная і сіняя (300 і 800 месцаў). Практыкаваліся паказы двух фільмаў за адзін сеанс. Я, будучы малым, не вытрымліваў і засынаў, хаця фільм мог быць вельмі цікавым – каўбоі, разбойнікі і г.д. Некаторыя “працмыгі” ў час ажыятажных паказаў прымудраліся праціснуцца ў кіно бясплатна.

“Браты Юбілейныя”: кінатэатры ў Гомелі, Валгаградзе, Карагандзе, Цюмені
“Браты Юбілейныя”: кінатэатры ў Гомелі, Валгаградзе, Карагандзе, Цюмені

Аднак вабіў “Юбілейны” не толькі фільмамі, але і інтэр’ерамі – акварыумы, інсталяцыя з чучаламі дзікіх жывёл і, галоўнае, гульнявымі аўтаматамі (15 капеек за адну гульню). Для дзятвы “Марскі бой” быў адным з самых любімых. Здаецца, дагэтуль у вушах гэтых гук ад руху караблёў і тарпедных стрэлаў. Цяперашнім дзецям, спешчаным мноствам гульняў, даступных на розных сучасных гаджэтах, гэта будзе цяжка зразумець… Дарэчы, справа ад кінатэатра размяшчаўся фантан, пра існаванне якога сёння нічога не нагадвае. Будынак у пачатку ХХ ст. перадавалі на баланс Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ладзіліся кіналекторыі і дыскатэкі), арганізоўвалі 3D-кінатэатр (несшываны экран і “гук наўкол”), аднак нічога не прыжылося. Улетку 2016 г. будынак выстаўляўся на таргі, але, як я разумею, безвынікова. Увесну 2017 г. яго фасад быў пафарбаваны ў ружовы колер, на што адразу звярнулі ўвагу сацыяльныя сеткі.

Яшчэ адзін аб’ект – “Гандлёвы цэнтр” (кан. 1970-х гг.). Гэткі савецкі адказ заходнім супермаркетам: двухпавярховы магазін, на першым паверсе якога размяшчаўся гастраном, а на другім – прамтавары. Сёння на першым паверсе – чарговы гіпермаркет, а другі паверх, здаецца, пустуе. Неад’емным атрыбутам “Гандлёвага цэнтра” у 1980-я гг. былі аўтаматы з газіроўкай – за 1 капейкі давалі ваду без сіропу, за 3 капейкі – з сіропам. Посудам служылі гранёныя шклянкі. Мой малодшы брат, будучы вучнем пачатковай школы, спецыяльна прыязджаў сюды пасля ўрокаў(без ведама мамы!), каб выпіць газіроўкі. Яшчэ адна радасць, якую сённяшнім дзецям не зразумець.

Дзіцячы казачны гарадок на вуліцы Юбілейнай. 1980-я гг.
Дзіцячы казачны гарадок на вуліцы Юбілейнай. 1980-я гг.

Парк (або сквер) Юбілейны быў закладзены ў кастрычніку 1982 г. у гонар 60-годдзя ўтварэння СССР (назва вуліцы, дарэчы, таксама звязана з гэтай датай). Пра гэта сведчыць шыльда на памятным камяні, на якой пералічваюцца ўдзельнікі высадкі дрэваў – жыхары мікрараёна, вучні СШ №30 і 44, навучэнцы ПТВ №67, студэнты БІІЧТ. Дрэвы да нашага часу паспелі вырасці настолькі, што здольны схаваць пад сваімі шатамі каго заўгодна – хоць аматараў “раскатаць бутэлечку”, хоць ахвочых паваляцца ў добрае летняе надвор’е на матрацах.

У 1980-х гг. тут размяшчаўся і дзіцячы казачны гарадок: пляцоўка з драўлянай агароджай накшталт частаколу, вежы з брамамі, церам пасярэдзіне, горкі, гушкалкі, пясочніцы. На падыходзе стаялі драўляныя фігуры асілкаў, якія больш нагадвалі ідалаў. Невядома, ці была гэтая пабудова натхнёна звесткамі пра існаванне тут у старажытнасці і сярэднявеччы ўмацаванага пасялення, ці такое вырашэнне дзіцячай пляцоўкі было выпадковым супадзеннем.

Лакацыя №2. Над ярам

Мы назіраем перапады рэльефу – яр, рэчышча даўняй ракі. Відаць, гэта зніклая рака Струпіца. Першая згадка пра яе ўтрымліваецца ў “Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці” 1560 г. пры ўказанні граніц уладанняў сяла Ваўковічы і сяла Плёса: 1) “… с того болота бором Кормою зася у речку Узу, Узою уверх у Белицу речку, Белицою уверх у Кобылье болото, с Кобыльего болота у Красный бор, с Красного у речку Струпицу, тою речкою униз до дороги Чечерской зимнее до мостка”; 2) “от замку господарского Гомельского дорогою гонною у Струпицу речку, тою речкою уверх у Мхи-лес, с того леса у Кобылее болото”. У т.зв. “Адказной кнізе” на Гомельскі маёнтак 1776 г. было ўказана “отграниченье местечка Гомля, слободы Спасовой, застенка Титенки”, якое вызначалася “по сущей справделивости” мясцовымі старажыламі. Частка граніцы ішла па Струпіцы: “С Сетюковского болота протовиною Струпицей на шлях Костюковский”.

Гомель і ваколіцы з плана Беліцкага павета генеральнага межавання канца XVIII ст. На плане пазначаны рэкі Струпіца і Дзеўка
Гомель і ваколіцы з плана Беліцкага павета генеральнага межавання канца XVIII ст. На плане пазначаны рэкі Струпіца і Дзеўка

Струпіца пазначана на плане Беліцкага павета карт генеральнага межавання канца XVIII ст. Згодна з ім Струпіца ўпадала ў нейкі вадаём у Прудку . Можам меркаваць, што прылеглая да вусця Струпіцы мясцовасць называлася Прудком. “Военно-статистическое обозрение Российской империи” (1848 г.) паведамляла: “Весной через д. Прудок пробегает небольшой ручеек Струпица, образующийся из рукава Кобылина болота близ с. Красного и пробегающий по долине; летом он высыхает”.

Меркаваная этымалогія назвы “Струпіца” даследчыкамі звязваецца з даўнім коранем, які азначае “тая, што цячэ, струменіць”.

Высоткі Юбілейнай над ярам – зніклай ракой Струпіцай. Вясна 2017 г.
Высоткі Юбілейнай над ярам – зніклай ракой Струпіцай. Вясна 2017 г.

У наш час узімку тут коўзаюцца дзеці. Улетку рызыкуюць насіцца веласіпедысты, у т.л. і ваш пакорны слуга.

Чатыры высоткі на ўзгорку размешчаны такім чынам, што, калі глядзець на іх з паўночнага ўсходу, усходу і часткова паўднёвага ўсходу, убачыць можна толькі тры. Гэта выклікае міжвольную асацыяцыю з японскім садам камянёў – у якім быў пункце ні стаяў глядач, яго позірк падае на роўную колькасць камянёў.

Лакацыя №3. Між “Глушкамі” і “Дынама”

Дом культуры прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Віпра”. Адкрыты ў 1979 г. як ДК вучэбна-вытворчага прадпрыемства Беларускага таварыства глухіх, адсюль нефармальная назва – “Глушкі”. Ёсць залы для правядзення канцэртаў, выступаў, выстаў, памяшканні для гурткоў і секцый (танцавальных, спартыўных), басейн, інфрачырвоная саўна. У канцы 1990-х тут упершыню ў Гомелі выступіў гурт “Руевіт”, які трошкі пазней стаў называцца “Стары Ольса” – выконвае музыку часоў ВКЛ, займаецца музычнай рэканструкцыяй. Лідар гурта Зміцер Сасноўскі ў свой час жыў на Старым Аэрадроме і вучыўся ў 44-й школе. На жаль, у рэпертуары гурта дагэтуль няма ніводнай песні пра Гомель.

Вуліца Кожара (пачатак забудовы – 1967 г.). Яе адметнасці: шэраг 14-павярховых жылых дамоў і працяглы (у свой час – самы працяглы) 9-павярховы жылы дом на 670 кватэр з чатырма прыбудаванымі да яго 2-павярховымі будынкамі – “Спорттавары”, аддзяленне сувязі, магазін “Акіян”, рэстаран “Журавінка”. З-за працягласці дом у народзе атрымаў назву “Кітайская сцяна”. З 2-павярховых будынкаў сёння выкарыстоўваюцца толькі два. Магазін “Спорттавары”, перажыўшы свой кароткі рэнесанс у пачатку ХХІ ст., пустуе. “Журавінка”, якая павінна была стаць супермаркетам, так і не адчынілася. “Найди свою изюминку”, – так і засталося заклікам невядомых крыэйтараў на фасадзе будынка.

У “Спорттаварах” яшчэ ў савецкія часы мой тата купіў сваю першую лодку для рыбалкі. Грошы для пакупкі адкладваліся, але рабілася гэта своеасаблівым чынам. Назбіраўшы патрэбную суму, тата з мамай прыйшлі ў магазін, нагледзелі прымальную па цане лодку і на касе паведамілі, што хочуць лодку набыць, але грошы маюць у нязвыклым для такіх пакупак выглядзе – манеты. Менавіта манетамі грошы і назапашваліся ў бутэльцы з-пад шампанскага, рыльца якой тата наўмысна падпілоўваў, каб улазілі манеты вартасцю 50 капеек.

Вуліца Кожара з процілеглых бакоў у 1970-я і ў 1980-я гг.
Вуліца Кожара з процілеглых бакоў у 1970-я і ў 1980-я гг.

Рэстаран “Журавінка” быў адкрыты ў 1974 г., атрымаўшы беларускамоўную назву ці то дзеля прыўнясення нацыянальнага каларыту, ці то пад уплывам папулярнай у той час песні “Журавінка” ВІА “Верасы”. Па-руску адпаведная назва гучала б як “Клюковка”, што само па сабе было б смешна, выклікаючы непатрэбныя асацыяцыі (“развесистая клюква” і г.д.). З іншага боку на мясцовым слэнгу рэстаран усё адно называўся на свой капыл – “Жураўлямі”. Пасля рэканструкцыі 1984 г. ён займеў ультрамодны элемент – лямпачкі светлавой музыкі, уманціраваныя падлогу. Краязнавец Юрый Глушакоў расказвае: адзін гамяльчанін, провады якога ў армію адзначаліся ў “Журавінцы”, наклюкаўся так, што палічыў тыя лямпачкі за вочы пражэрлівай пачвары, якая хацела яго праглынуць, і прызыўнік стаў адбівацца ад нечаканай відзежы, б’ючы па лямпачках абцасамі туфляў.

У альбоме 1985 г. здымак гэтай вуліцы суправаджаецца подпісам: “Прасторна на вуліцы І.П.Кожара”. Прасторнасць утваралася за кошт бульвару Будаўнікоў. Мадэрнізаваны ён быў зусім нядаўна. Кур’ёзам падчас яго рэканструкцыі выглядаў шчыт з вытрымкай, дзе пералічваліся розныя забароны ў т.л. забарона плаваць. Між тым на бульвары няма і не было ніводнага вадаёма ці фантана. Але з’явілася ўстанова грамадскага харчавання – “Піцбург”, дырэктар якой дзеля піяру летась (2016 г.) пераплываў Сож. Калі б ён пераплыў бульвар ці Струпіцу, было б, напэўна, яшчэ цікавей.

Спецыфіка некаторых двароў “хрушчовак” між вуліцамі Кожара і 50 год БССР заключаецца ў тым, што пад’езды адкрыты не з унутранага, а са знешняга боку. Таму часам двары выглядаюць пустынна. У пахмурнае надвор’е ці ўначы там вельмі проста можна ўявіць сябе закінутым у містычны горад Сайлент Хіл. Спрыяе не толькі атмасфера, калі ў пустым двары натыкаешся на “клетку” (агароджу), але і гукі, якія неверагодным чынам даходзяць з чыгункі. Каб напоўніцу падыхаць гэтай атмасферай, нам варта было б зрабіць начную экскурсію.

Тутэйшыя “хрушчоўкі” рамантуюцца (уцяпляюцца, фарбуюцца ў вясёлыя колеры), што, аднак, не можа зняць праблему іх далейшага лёсу. Падобнае жыллё ў свой час узводзілася як часовае, і неўзабаве прыйдзе час, калі гэтыя пяціпавярховыя дамы цалкам састарэюць. Відавочна, тады мы пабачым значныя змены ў абліччы Старога Аэрадрома.

Будаўніцтва лёгкатлетычнага манежа. На другім плане – будуецца ДК таварыства глухіх, яшчэ далей – “Гандлёвы цэнтр”. Фота пачатку 1980-х гг.
Будаўніцтва лёгкатлетычнага манежа. На другім плане – будуецца ДК таварыства глухіх, яшчэ далей – “Гандлёвы цэнтр”. Фота пачатку 1980-х гг.

Палац лёгкай атлетыкі. Гараджане працягваюць называць яго “Дынама” ці “манеж”. Менавіта як лёгкаатлетычны манеж ён быў узведзены ў самым пачатку 1980-х гг. (архітэктар В.Саенка, Б.Максімовіч). Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным 1-павярховым блокам адміністратыўных і дапаможных памяшканняў. Адзін з першых у БССР будынак, перакрыты драўлянымі клеенымі 3-шарнірнымі аркамі. Можна лічыць працягам і ў пэўнай ступені пікам гомельскага драўлянага дойлідства, хаця аўтары праекта наўрад ці пра акую пераемнасць задумваліся. Невядома, з’яўляецца падабенства будынка на ангар выпадковым або гэта зроблена ў памяць пра былы аэрадром.

Чэшскі луна-парк на вуліцы Юбілейнай. 1980-я гг. Фота з калекцыі Юрыя Ярмоленкі
Чэшскі луна-парк на вуліцы Юбілейнай. 1980-я гг. Фота з калекцыі Юрыя Ярмоленкі

Прастора між “Глушкамі” і “Дынама” – месца, дзе ў канцы 1970-х – 1980-я гг. рэгулярна спыняліся спачатку перасоўныя заапаркі (звярынцы), а потым чэшскія луна-паркі. “Погонщики ведут ученого верблюда”, – радок з песні “Куда уехал цирк” у мяне стойка асацыяваўся не з цыркам на Савецкай, а са звярынцам на Юбілейнай. Аднойчы я не хацеў ісці ў дзіцячы садок, і мне паабяцалі, што мы пойдзем у звярынец. Мабыць, я нешта няправільна зразумеў і, апынуўшыся ўсё-ткі ў дзіцячым садзе, расплакаўся. Помню адзін са звярынцаў – клеткі стаялі паўкругам, а паміж імі загарадзь для слана. Калі прыязджаў луна-парк, то ў школе і на раёне ўсе толькі і балбаталі пра гэта як пра неверагодна крутую падзею. Луна-парк уяўляў з сябе некалькі атракцыёнаў – горкі, каруселі, пакой страху, латкі, дзе можна было выйграць нейкую дробязь, якая тады здавалася сапраўдным багаццем – цукерачкі, жвачкі (помню назву – “Пэдра”). Пасля таго, як нас з братамі сюды звадзілі бацькі, цяжка было пазбыцца эйфарыі, адчування, што ты пабываў у нейкім іншым сусвеце. Помніцца, мы з братам наскрэблі нейкіх капейчын, каб употайкі прыехаць сюды і паспрабаваць выйграць нейкую цацку і слодыч. І вось тут ужо іншае пачуццё агарнула – у луна-парку сноўдалі падлеткі, гатовыя вытрасці грошы ў малых, што прыйшлі туды без дарослых. Мы не сталі рызыкаваць і адступілі…

Лакацыя №4. Гарадзішча Прудок

Звяртаемся да месца колішняга гарадзішча – умацаванага пасялення – жалезнага веку (1 тыс. да н.э.) і часоў Кіеўскай Русі (XII-XIII стст.). Яго асаблівасць – выцягнутае ў плане, бо займала мыс памерамі 1000×50 метраў. Было ўмацавана валам і ровам. Месцілася між ракой Струпіца і ярам. Верагодна, было абгароджана парканам.

У 1880-я гг. гарадзішча было раскапана Міхаілам Філонавым (у асобных краязнаўчых публікацыях ён памылкова называецца Філімонавым), які служыў каморнікам (землямерам) у Фёдара Іванавіча Паскевіча. Філонаў не меў для падобных даследаванняў спецыяльнай падрыхтоўкі, ад чаго гэты археалагічны помнік прыкметна пацярпеў. У выніку раскопак знайшлі розныя ўпрыгожанні – бурштынавыя пацеркі, срэбныя колцы і інш. Да якога часу гэтыя знаходкі адносіліся, невядома.

Ускраек мысу, дзе ў старажытнасці і сярэднявеччы размяшчалася гарадзішча. Фота красавіка 2017 г.
Ускраек мысу, дзе ў старажытнасці і сярэднявеччы размяшчалася гарадзішча. Фота красавіка 2017 г.

У “Археологическом очерке Гомельского уезда” (1910 г.) Еўдакім Раманаў прысвяціў гэтаму гарадзішчу літаральна адзін радок: “Городок при д. Прудок, на отроге древней террасы реки Сожа. Теперь распахан”. Абследаванні мясцовасці ў 1936 г. тут праводзілі археолагі Аляксандр Ляўданскі і Аляксандр Каваленя – у 1937 г. іх расстралялі, па неабгрунтаваных абвінавачаннях, напр., што сумяшчалі археалагічную разведку са шпіянажам (а ў выпадку з Прудком – непасрэдная блізасць з аэрадромам). У 1980 г. гарадзішча абследаваў Алег Макушнікаў. Знойдзена ляпная і ганчарная кераміка. Заняткамі жыхароў былі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства, бортніцтва. Яны ўмелі выплаўляць жалеза з балотнай руды.

Пытанне этнічнай прыналежнасці першых пасяленцаў застаецца адкрытай. Іх варта суадносіць з носьбітамі мілаградскай археалагічнай культуры, якую адны даследчыкі лічаць балцкай, а іншыя славянскай. Пазнейшае паселішча на гэтым месцы – адназначна славянскае. З тымі ж заняткамі і, верагодна, больш развітымі рамёствамі. Знікненне яго ў ХІІІ ст. можна звязваць з мангола-татарскім нашэсцем, якое закранула паўднёвы ўсход Беларусі, у выніку чаго, напрыклад, быў знішчаны летапісны Гомель.

Пад схілам гарадзішча Прудок жывуць людзі – тут праходзіць адзін з участкаў “перарывістай” вуліцы Падгорнай. Фота красавіка 2017 г.
Пад схілам гарадзішча Прудок жывуць людзі – тут праходзіць адзін з участкаў “перарывістай” вуліцы Падгорнай. Фота красавіка 2017 г.

Мясціна абдзелена ўвагай навукоўцаў і аматараў гомельскай даўніны.. Калі Шведскую Горку сяк-так ведаюць, то гарадзішча Прудок для многіх – тэра інкогніта. Нават у нядаўняй манаграфіі Алега Макушнікава, прысвечанай археалагічным помнікам гомельскага Падняпроўя, месца для яго не знайшлося, хаця пералічваецца больш за сотню розных аб’ектаў Гомельшчыны.

Спуск у паўночнай частцы гарадзішча ўпарадкаваны ў апошнія гады. Аўтамабільная дарога стала гладчэйшай, з’явілася пешаходная дарожка. Упарадкаванне адбылося ў т.л. і за кошт высечкі дрэў і кустоўя, ад чаго мясціна страціла свой ранейшы шарм.

Адзін са схілаў гарадзішча Прудок з боку возера Бабрыха. Фота красавіка 2017 г.
Адзін са схілаў гарадзішча Прудок з боку возера Бабрыха. Фота красавіка 2017 г.

2 красавіка 2017 г. на ліхтарах на спуску з’явіліся раздрукоўкі з вершам: “Горисполком! Решил вопрос, дал нам ответ. Фонарь есть, есть и свет. Это – наш дом”. Так жыхары дзякавалі за начное асвятленне дарогі на са Старога Аэрадрома на Мельнікаў Луг.

Лакацыя №5. Азярцо Бабрыха

Мельнікаў Луг – пойменныя заліўныя лугі (паплавы) між Сожам і балотам, вядомым да нядаўняга часу як Бурае балота. Значная частка лугоў залівалася ў часе паводак, пасля сыходу вады ўтвараліся азярцы. Знаўца гомельскіх гарадскіх гісторый пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка з замілаваннем узгадвае, што на адным з такіх азерцаў у маленстве (1970-я гг.) ён злавіў сваю першую рыбу. Верагодна, што падобнымі прыроднымі абставінамі маглі карыстацца людзі і ў больш даўнія час. Але ў асноўным мясцовасць, відаць, выкарыстоўвалася ці як сенажаць, ці як паша для выгану свойскай жывёлы.

Заводненасць Мельнікава Лугу на паштоўцы пачатку ХХ ст. і здымку 1970 г.
Заводненасць Мельнікава Лугу на паштоўцы пачатку ХХ ст. і здымку 1970 г.

З “Рэестра рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці” 1560 г. можна зразумець, што луг быў часткай уладанняў сяла Плёса. Сяло належала святару гомельскай Траецкай царквы Фёдару Іванавічу. На канец XVIII ст. згадваецца “околица Плёсы шляхтичей Плеских над рекою Сожем”.

У 1848 г. у ваенна-статыстычным аглядзе названы “луговой долиной”. Традыцыйна лічыцца, што назва “Мельнікаў Луг” паходзіць ад таго, што Паскевіч (каторы іх?) падараваў гэтыя паплавы свайму аканому (“управляющему”) Аляксандру Пятровічу Мельнікаву ў гонар 50-годдзя. Адсюль і назва. Хаця ў выданні 1910 г. сустракаецца яе варыянт – “Мельниковский луг”. У савецкі час і часткова ў нашы дні (транспартны прыпынак) вядомы як “Пралетарскі луг”. Беларускі варыянт “Мельніцкі луг” сустракаўся на маршрутных шыльдах аўтобусаў у 1990-х гг.

Краязнавец Юрый Глушакоў сцвярджае, што сама мала з пачатку ХІХ ст. гэтая мясцовасць стала любімым маршрутам пешых прагулак гамяльчан. Некаторыя прагулкі мелі спецыфічны характар. Так, у 1898 г. жандарскі афіцэр даносіў у дэпартамент паліцыі пра тое, што ў Гомелі існуе “преступный кружок”, які складаецца пераважна з яўрэйскай моладзі: “Сборища свои устраивают они в большинстве случаев за городом, куда направляются пешком по 2-3 человека или же под видом пикника едут целой компанией на лодке или пароходе”. Магчыма, звесткі пра гэтыя сходкі і паслужылі ў савецкія часы дастатковай падставай для перайменавання ўрочышча ў Пралетарскі луг.

Першыя вядомыя спробы людзей адолець прыродныя асаблівасці Мельнікава Лугу прыпадаюць на ХІХ ст. Па сведчанні ваенна-тапаграфічнай карты Магілёўскай губерні 1855 г. (“трохвёрстка”) праз луг праходзіла дарога, якая злучала Прудок і Валатаву (у арыгінале – “Волово”). Гэтая дарога існавала і раней – у ваенна-статыстычным аглядзе 1848 г. разглядаўся варыянт дастаўкі хлеба ў вайсковы лагер, які месціўся між Магілёўскай дарогай і лугавой далінай: у Ветцы хлеб выпякаўся б, дастаўляўся б па рацэ ў Плёсы ці Валатаву, а адтуль – непасрэдна ў лагер.

На карце 1920-х гг. на тэрыторыі Мельнікава Лугу пазначаны два хутары без указання назваў. Напэўна, іх можна лічыць прабацькамі сучаснага мікрараёна. Яны наўрад ці перажылі часы калектывізацыі. На нямецкіх аэрафотаздымках 1941 г. выразна бачна чыгунка, маршрут якой на гэтым участку супадае з цяперашняй. Паўночны яе край губляецца за Конзаводам і Прудком, потым яна праходзіць міма аэрадрома (нашага Старога Аэрадрома) і даходзіць да элеватара (даваенны элеватар не захаваўся). Для таго, каб пракласці гэтую чыгунку, відавочна трэба было адваяваць месца ў Бурага балота.

Далейшыя спробы справіцца з мясцовасцю – недзе з другой паловы 1960-х і па пачатак 1990-х гг. Асушэнне Бурага балота адбылося, але прысутнасць вады, балотная расліннасць тут прыкметна і дагэтуль. Мясцовыя расказваюць, што падчас асушэння людзі стаялі каля пратокаў, па якіх сыходзіла вада, і на мелкаводдзі рукамі збіралі рыбу. Вельмі проста можна было назбіраць цэлую торбу шчупакоў.

Стары Аэрадром і прылеглая да яго частка Мельнікава Лугу на спадарожнікавым здымку сярэдзіны 1965-х гг.
Стары Аэрадром і прылеглая да яго частка Мельнікава Лугу на спадарожнікавым здымку сярэдзіны 1965-х гг.

Разам з тым адбываўся намыў пяску, каб “падняць” мясцовасць адносна ўзроўню Сожа. Першыя будынкі мікрараёна ўзведзены ў пачатку 1990-х гг. Першай забудоўваць пачалі паўднёва-заходнюю частку Мельнікава Лугу. Гісторыя з намывам пяску абыгрываецца ў вершы гомельскага паэта і барда Віктара Мацькунова, які называе мікрараён бацькоўскай зямлёй, у тым сэнсе, што яго бацька, працуючы на земснарадзе, удзельнічаў у намыванні пяску.

Намыў пяску даў не толькі магчымасць для будаўніцтва. Дзякуючы яму, з пясчаных наносаў, пакінутых Сожам многія тысячы гадоў назад, былі знойдзены некалькі сотняў фрагментаў костак жывёл ледавіковага перыяду – чэрап калматага насарога, косткі мамантаў, зуброў, казуль, пясцоў. Пра знаходкі біўняў маманта на Мельнікавым Лузе расказваў у канцы 1980-х гг. дырэктар сярэдняй школы №49, дзе я вучыўся, Пётр Кірылавіч Шалупаеў. З тых часоў у мяне Мельнікаў Луг, між іншага, асацыюецца менавіта з мамантамі, хаця “мамонты здесь больше не живут”.

Апроч намыву пяску для прадухілення затаплення мікрараёнаў быў праведзены абводны канал. На гэтым участку ён праходзіць паміж жылымі дамамі і лініі гаражоў і чыгункі – вузенькая рачулка, што нясе свае воды да калектараў у раёне вуліцы Хатаевіча (каля аўтасэрвіса і электрападстанцыі). Магчыма, яе рэчышча часткова супадае з рэчышчам яшчэ адной зніклай рачкі – Дзеўкі.

Рэчка Дзеўка ўпамінаецца ў “Рэестры рэвізіі” 1560 г. у сувязі з апісаннем граніц уладанняў вёскі Ваўковічы: “от мостка через дуброву в речку Девку, Девкою у Дедно озеро”. Дзядно – возера, верагодна частка старога рэчышча ракі Сож, у раёне сучаснага грузавога порту, суднарамонтнага завода. Згодна з картай Беліцкага павета канца XVIII ст. яе выток знаходзіўся на паўднёвы ўсход ад Прудка, яна бегла на паўднёвы захад, у адной частцы пашыралася, утвараючы азярцо, і працягвала плыць далей, ужо на паўднёвы ўсход, каб злучыцца з возерам Дзядно на поўдні. З цягам часу рэчка знікла, а яе назва забылася.

Не захавалася пра рэчку Дзеўку ні паданняў, ні легенд. Магчыма, у народзе назва асацыявалася з наплаканымі рэкамі і азёрамі. Еўдакім Раманаў у “Беларускім зборніку” (1885 г.) зафіксаваў песню пра дзяўчыну, якая не знаходзіць сабе месца ад разлукі з каханым:

А я, красная девочка, ўсякій час тужу,
Усякою мінутою горкі слезы ільлю.
Слезамі наповніла речкі-возяры,
Думамі надумала лесы темные.

Песня бытавала ў тагачасным Гомельскім павеце.

Поўны тэкст песні пра “красную дзевачку”, якая наплакала поўныя “рэкі-возяры”, сумуючы па сваім мілым Вані
Поўны тэкст песні пра “красную дзевачку”, якая наплакала поўныя “рэкі-возяры”, сумуючы па сваім мілым Вані

Паходжанне назвы рэчкі Дзеўкі можна выводзіць ад балцкага “Дзіевас” (“Дзіеўс”, “Дэйвс”), што азначае імя вярхоўнага бога ў пантэоне старажытных балтаў, увасабленне светлага дзённага неба. Тады назва магла ці сімвалізаваць чысціню ракі, ці выражаць стаўленне старажытных жыхароў (насельнікаў старажытнага гарадзішча Прудок?) да яе як да святой.

Мова- і краязнавец Аляксандр Рогалеў, які ўсё больш і больш упадае ў эзатэрыку, лічыць гэта месца (возера Бабрыха і ваколле) “идеальной средой для пространственных порталов, через которые в физический мир Земли для выполнения какой-то задачи выходят астральные существа в облике девочек или девушек”. Гучыць смешна, але Мельнікаў Луг і Валатава ў свой час (1980-1990-я гг.) лічыліся месцамі анамалій, найперш – НЛА. Прынамсі, пра гэта даволі часта хадзілі чуткі, пісалася ў газетах. Асабіста я НЛА тут не бачыў, але нярэдка быў сведкам зімовых бліскавіц – калі ўначы частка неба на нейкую долю секунды азаралася яркай белай успышкай.

Возера Бабровае (Бабрыха) у добрае надвор’е. Фота красавіка 2017 г.
Возера Бабровае (Бабрыха) у добрае надвор’е. Фота красавіка 2017 г.

Ці звязана сучаснае возера Бабровае (Бабрыха) з ранейшай рэчкай Дзеўкай, невядома. Часам яго называюць старыцай Сожа. Азярцо бачна на аэрафотаздымках 1941 г., на спадарожнікавых фота сярэдзіны 1960-х гг. яно не відно. Назва, напэўна, новая. Хоць у “Рэестры” 1560 г. і ўпамінаюцца т.зв. “бабровыя гоны” (месцы рассялення баброў, бабровыя калоніі), яны ніяк не звязаны менавіта з гэтай мясцовасцю.

Расліннасць з поўдня возера пачысцілі ў апошнія гады – разам з упарадкаваннем дарогі са Старога Аэрадрома на Мельнікаў Луг. Месца славіцца зараснікамі абляпіхі сярод дрэваў на некалькіх гектарах. Гэта адна з любімых мясцін Уладзіслава Наважылава, саліста гурта Gods Tower. Для гараджан мясціны доўгі час былі месцам адпачынку – рыбалка, загаранне, пікнікі. Па хмызняку любяць сноўдаць закаханыя парачкі і асацыяльныя элементы. На жаль, экалагічная свядомасць на высокім узроўні далёка не ва ўсіх – тут шмат смецця.

“Островок красивой жизни” – жылы комплекс “Бэдзікава”
“Островок красивой жизни” – жылы комплекс “Бэдзікава”

Што тычыцца, прылеглых мясцін мікрараёна: паблізу знаходзяцца т.зв. “алімпійскі дом”, а таксама – першы ў Гомелі і вобласці таўнхаўз. Таўнхаўз – малапавярховы жылі дом на некалькі шматузроўневых кватэр, як правіла, з ізаляванымі ўваходамі, г.зн. без агульнага пад’езда. У нашым выпадку гэта 12 двухпавярховых дамоў, зблакіраваных між сабой. Журналісты ахрысцілі яго “островом красивой жизни”. Афіцыйна гэты жылы масіў называецца “Бэдзікава”. Падумалася, што аўтары ўзялі нейкую забытую лакальную назву (напрыклад, “Бэдзікаў хутар” гучыць вельмі натуральна), але кажуць, што таўнхаўз названы ў гонар ці то архітэктара, ці то інжынера. Дакладнай інфармацыі знайсці не атрымалася – толкам адказу ніхто не дае, спасылаючыся на тое, што пра гэта і так было шмат дыскусій у інтэрнэце. Многія з гэтай назвы пасмейваюцца ці злуюцца. Я лічу, што гэта лепей, чым нумарныя найменні 17-ы, 18-ы і г.д. мікрараёны. Праўда, у сярэдзіне нулявых мясцовыя рэперы ўсхвалялі свой мікрараён, спяваючы, што “самые клёвые тёлки живут в 17-м”.

Нястомныя экскурсанты адольваюць чарговы адрэзак маршруту. Фота Валянціны Ціхаміравай, 22 красавіка 2017 г.
Нястомныя экскурсанты адольваюць чарговы адрэзак маршруту. Фота Валянціны Ціхаміравай, 22 красавіка 2017 г.

Лакацыя №6. Грунтоўка пры гаражах

Канал (як і Валатаўское возера) – аб’екты нядаўняга паходжання. На спадарожнікавых здымках сярэдзіны 1960-х гг. іх няма. Яны ўзніклі паралельна асушэнню Бурага балота і намыванню пяску. З’ўляюцца рукатворнымі аб’ектамі – копанкамі (кар’ерамі), сталі часткай сістэмы абводных каналаў. Месца адпачынку – купанне, рыбалка. Дагэтуль існуе лядашчы будынак вяслярскай (грабной) базы, таму ў народзе называюць “Грабным каналам”. У сярэдзіне 1980-х з аднакласнікам рабілі веласіпедную вылазку з Прудка да Дынама, і недзе тут, сярод пяскоў, нас перастрэлі некалькі старэйшых хлапцоў. Самы задзірысты спытаў: “Вы з базы?”. На што мой сябар адказаў, што з базы, і сустрэча не перарасла ў сутыкненне.

Надмагільны камень на Мельнікавым Лузе. Надпісы нанесены літарамі яўрэйскага алфавіта. Чэрвень 2009 г.
Надмагільны камень на Мельнікавым Лузе. Надпісы нанесены літарамі яўрэйскага алфавіта. Чэрвень 2009 г.

Зрэшты, паблізу знаходзіцца т.зв. “універсальная база”, утвараючы востраў прамысловай зоны, якая ўкліньваецца ў Прудок. Сфармавалася, відаць, пасля вайны. На здымках сярэдзіны 1960-х праглядаецца выразна. З цікавостак другой паловы нашых нулявых гадоў – разбіты белы лімузін, які стаяў на яе тэрыторыі, прывабліваючы ўвагу ўсіх, хто прагульваўся па тагачаснай дарозе ўздоўж канала.

Прудкоўскія могілкі – вядомыя з даваенных часоў. Не толькі яўрэйскія, але і хрысціянскія. На іх тэрыторыі некалі знаходзіўся домік вартаўніка. Побач з могілкамі працавала скатабойня. Могілкі неўпарадкаваныя. Улетку 2010 г., прагульваючыся між Старым Аэрадромам і забудовай мікрараёна я натрапіў на камень з надпісам, зробленым літарамі яўрэйскага алфавіта. Сцягнулі з прудкоўскіх могілак ці яшчэ адкуль – невядома. Пазней гэты камень знік. Напэўна, прыдаўся каму-небудзь у гаспадарцы.

Лядовы палац быў адкрыты ў 2000 г. Іншых пабудоў нейкі час паблізу не было, і палац збоку канала і могілак вельмі нагадваў месапатамскі храм бога Месяца, якім яго запомніў я са свайго школьнага падручніка па гісторыі старажытнага свету. Палац водных відаў спорту (ці як я называю яго жартам – Лапац відных водаў тропсу) быў адкрыты ў 2013 г. Увечары, на змярканні, з вокнаў тамтэйшага басейну цікава зірнуць у бок Старога Аэрадрома – відовішча ірэальнае, асабліва, калі, заходзячы, сонца іграе ў аблоках.

“Распісныя” гаражы між абводным каналам і чыгункай на ўскраіне Мельнікава Лугу. Фота Валянціны Ціхаміравай, 22 красавіка 2017 г.
“Распісныя” гаражы між абводным каналам і чыгункай на ўскраіне Мельнікава Лугу. Фота Валянціны Ціхаміравай, 22 красавіка 2017 г.

На гаражах можна ўбачыць кволыя патугі стрыт-арту. У 2012 г., прагульваючыся тут, мне давялося быць сведкам экстрэмальнай забавы падлеткаў – бег па дахах гаражоў.

Пясчаны цмок на сумежжы Старога Аэрадрома і Мельнікава Лугу. Спадарожнікавы здымак нашага часу
Пясчаны цмок на сумежжы Старога Аэрадрома і Мельнікава Лугу. Спадарожнікавы здымак нашага часу

Пясок, якім пакрыты участак між крыніцай і чыгункай за некалькі дзесяцігоддзяў пакрыўся расліннасцю. Але адзін участак сёння з вышыні нагадвае цмока (дракона), які прылёг адпачыць.

Лакацыя №7. Перад дарожкай да крыніцы

Вуліца ад паўднёвага канца Вяслярскага (Грабнога) канала і да вуліцы Мазурава носіць ужо знаёмую нам па Старым Аэрадроме назву – Кожара. Наўпрост ўлучыць абедзве часткі вуліцы Кожара немагчыма – адхіленне між імі складае 30-35°. Таму для іх злучэння давядзецца знесці аўтастаянку (на месцы колішніх звярынцаў і луна-паркаў) і вырашыць праблему перападу рэльефу – прабіць штучны спуск ці пабудаваць мост. У кожным разе зялёная зона між Старым Аэрадромам і Мельнікавым Лугам тут можа быць фатальна зменена. Паводле генплана ўчасткі вуліцы Кожара так і плануюць злучыць між сабою, а з гэтага боку стварыць аб’яздное кальцо – з нядаўніх часоў сімвал дарожнага руху ў Гомелі. Праўда, не зусім зразумела, што ў такім разе будуць рабіць з чыгункай.

Крыніца, да якой мы скіроўваемся, шануецца праваслаўнай царквой як святая, называецца ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Там усталяваны крыж, над крыніцай пастаўлена сімвалічная капліца, а побач размяшчаецца купель. Па звестках, якія распаўсюджвае царква, крыніца шанавалася тутэйшым людам яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, але потым на пэўны час пра яе забылі, а адносна ўпарадкавалі толькі ў 1970-я гг. – пачысцілі і ўзялі ў бетонныя кольцы. Па звестках мясцовага люду, крыніцу (нават некалькі) тады ведалі, ваду пілі лічылі чыстай і гаючай.

Дарожка да крыніцы. Фота лета 2016 г.
Дарожка да крыніцы. Фота лета 2016 г.

Таксама царквой пашыраецца паданне пра існаванне на гэтым месцы ў мінулым мужчынскага манастыра, які, нібыта, быў закрыты яшчэ задоўга да рэвалюцыі 1917 г. Аднак няма ніводнага гістарычнага дакумента, які мог бы пацвердзіць факт існавання тут манастыра: а ён бы абавязкова ўсплыў ці ў працах Е.Раманава ці кнізе Жудро, І.Сербава, Даўгялы (1910 г.).

Апісанне гэтай мясцовасці сустракаецца ў “Военно-статистическом обозрении Могилевской губернии” (1848 г.) як рэкамендаванай для размяшчэння пяхотнай дывізіі “съ ея артиллеріею”. Для забеспячэння яе правага фланга вадой рэкамендавалася капаць калодзежы, бо “къ этому весьма много способствуетъ изобиліе находящихся здесь родниковъ”. Калі б на той час існаваў манастыр, яго павінны былі б назваць у цытаваным аглядзе як адзін з арыенціраў: напр., былая ланкастарская школа ў апісанні размяшчэння дывізіі прыгадваецца.

Маё меркаванне: крыніца стала аб’ектам стыхійнага народнага шанавання ў 1990-я гг., чаму маглі пасадзейнічаць адарваныя ад сваіх святых мясцін чарнобыльскія перасяленцы, якія атрымалі кватэры ў новабудоўлях Мельнікава Лугу. Сярод іх – мае дзядуля і бабуля. Дзед у 1998 г., праведваў свайго сына (майго тату), які ляжаў у бальніцы на Ландышава, дык па дарозе завітваў да крыніцы, каб набраць таму вады.

Царква была вымушана надаць народнай веры хрысціянскі кантэкст, у выніку чаго крыніцу асвяцілі і назвалі ў гонар памянёнай ужо іконы. Па шчырасці, гэтая крыніца выглядае, хутчэй, “падчаркай” царквы, бо хоць ёй фармальна і апякуюцца, мясціна выглядае занядбанай. Зрэшты, гэтым яна і зачароўвае.

Дарожка між Мельнікавым Лугам і крыніцай – безыменная. Яна зафіксавана на аэрафотаздымках 1941 г. Праглядаецца і на спадарожнікавых здымках сярэдзіны 1960-х гг. Для сябе я называю яе “Бабрыхін насып”. Нехта прапаноўваў назву “Пяскі”, адзначаючы, што тут “прыемна піва піць”.

Тое, што Бурае балота цалкам не знікла, заўважаецца па ўзбочынах, дзе трымаецца вада. Справа яна не дазваляе жыхарам бліжэйшых дамоў давесці градкі да самой кромкі дарогі. Дамы, што стаяць вышэй – зрэз прыкладаў індывідуальнай забудовы з 1960-х гг. да нашых дзён.

Высоткі Юбілейнай навісаюць над нізінай. Фота траўня 2017 г.
Высоткі Юбілейнай навісаюць над нізінай. Фота траўня 2017 г.

На ўзбочынах, на жаль, назіраецца шмат бруду і смецця.

Высоткі ўскраіны Старога Аэрадрома, навісаючы над гэтай мясцінай, нагадваюць вялізны патужны замак.

Лакацыя №8. Святая крыніца

Удзельнікі экскурсіі аглядаюць месца: агароджы прылеглых дамоў, крыж, крыніцу, купальню. Ахвочыя каштуюць ваду з крыніцы.

Лакацыя №9. Каля “невядомага аб’екта”

Індывідуальная забудова ў раёне крыніцы выглядае вельмі каларытна ў сваёй недагледжанасці. Платы і агароджы ўзведзены ў стылі “я его слепила из того, что было”. На дахах хацін, проста на вільчаку, іншым разам можна ўбачыць паседжанне мясцовых катоў. Падняўшыся па сцежцы між высоткай і скасабочаным плотам, выходзім на ўзгорак, што ўзвышаецца над крыніцай і рэчышчам зніклай Струпіцы. На дзвярах аднаго з падворкаў неахайны надпіс “Собака”. Колькі разоў над гэтым надпісам мне даводзілася бачыць дрымотнага ката – гэткага сабаку па-гомельску.

Вартавы ўзмежжа: кот не супраць звацца сабакам. Фота студзеня 2017 г.
Вартавы ўзмежжа: кот не супраць звацца сабакам. Фота студзеня 2017 г.

Адна з загадак Старога Аэрадрома для цікаўных – паўпадземнае збудаванне з цэглы і бетону. У цёплую пару года яго амаль нябачна – схаваны расліннасцю, у т.л. і ад камер касмічных спадарожнікаў, бо на сучасных спадарожнікавых картах гэты аб’ект не праглядаецца. Між тым, яго можна заўважыць на аэрафотаздымках 1941 і 1943, здымках з космасу сярэдзіны 1960-х гг. Краязнаўцы гадаюць пра ягонае прызначэнне (бліндаж, каналізацыя, калектар, уваход у гомельскае метро), але пэўнага адказу пакуль няма.

Загадкавы аб’ект на ўскрайку Старога Аэрадрома. Фота Філіпа Какошы, 22 красавіка 2017 г.
Загадкавы аб’ект на ўскрайку Старога Аэрадрома. Фота Філіпа Какошы, 22 красавіка 2017 г.

Узмежжа Старога Аэрадрома і Мельнікава Лугу такім, якім яно ёсць сёння, з цягам часу можа істотна перамяніцца, страціць свой цяперашні шарм і прыцягальнасць. Але як бы там ні было, нам трэба памятаць і працягваць вывучаць старую і даўнюю гісторыю гэтых мясцін, каб захаваць і перадаць свае веды будучым пакаленням гамяльчан, а калі пашанцуе, то і гасцям нашага горада. “Я вырос на окраине рабочей городской”, – спяваў наш зямляк, ураджэнец Валатавы, Сяргей Пархоменка (вядомы пад псеўданімам Сярога), пасаромеўшыся пры гэтым згадаць у песні, якія менавіта ўскраіны ён мае на ўвазе. Мяркую, што нам няма чаго саромецца ўскраін, па якіх мы прайшліся ў рамках гэтай экскурсіі. Палюбіўшы ўскраіны, палюбіш і ўвесь горад. А апошняга, на жаль, гамяльчанам хапае не заўжды. Спадзяюся, што падобныя экскурсіі хоць у нейкай ступені будуць спрыяць змяненню сітуацыі да лепшага.

Сяргей Балахонаў, сакавік-красавік 2017 г.

Поделиться: